ЛІТАРА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).

На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцы́ту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж. парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).

На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.

Літ.:

Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ. М., 1989;

Фролов В.Т. Литология. Кн. 3. М., 1995.

С.М.Абравец.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)